Шоў-праграма «пАтАмуШТа культработнік!» — свята для тых, хто штодзённай працай напаўняе наша жыццё яркімі фарбамі, захоўвае і узбагачае культурную спадчыну, абараняе таямніцы і скарбы мінулага, акунае ў атмасферу розных эпох, выклікае буру неперадаваемых эмоцый, куе таленты і стварае сапраўдныя шэдэўры мастацтва!
У Смаргонскім раённым цэнтры культуры панавала сапраўдная святочная атмасфера — працаўнікі культуры з усіх устаноў Смаргонскага раёна сабраліся ў цёплай і яркай абстаноўцы, каб адзначыць свой святочны дзень!
Тыя, хто звычайна дорыць эмоцыі і натхненне іншым, у гэты раз самі апынуліся ў атмасферы любімай і дарагой сэрцу творчасці. На сцэне гучала музыка, мільгалі агні і пражэктары, луналі бурныя апладысменты і смех, а прадстаўнікі ўстаноў культуры крэатыўна віталі сваіх калег са святам!
У гэты дзень было ўсё: і драйв, і сюрпрызы, і шчырыя ўсмешкі, але галоўнае — кожны ў зале адчуў сябе часткай вялікай творчай сям’і.
На сцэну падняліся лепшыя работнікі культурнай нівы, каб атрымаць свае заслужаныя ўзнагароды і каштоўныя падарункі за добрасумленную працу, уклад у захаванне і развіццё культурных каштоўнасцей, папулярызацыю нацыянальнай спадчыны.




